ЧЭ́РВЕНЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1848,

узброенае паўстанне ў Парыжы 23—26 чэрв.; кульмінацыйны пункт рэвалюцыі 1848 у Францыі. Выклікана наступленнем рэакцыі на паліт. і эканам. заваёвы грамадзян. Непасрэдным штуршком да паўстання стала рашэнне ўрада выслаць з Парыжа рабочых нац. майстэрняў, у якіх працавала больш за 100 тыс. б. беспрацоўных. 22 чэрв. рабочыя (многія з іх мелі зброю) выйшлі на дэманстрацыю, якая 23 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне і барыкадныя баі. Ч.п. праходзіла пад лозунгам «дэмакр. і сац. рэспублікі». Урад сцягнуў у сталіцу 250-тысячную армію. Нац. сход, напалоханы размахам нар. выступлення, 24 чэрв. перадаў уладныя паўнамоцтвы ваен. міністру ген. Л.Э.Кавеньяку. 26 чэрв. паўстанне ў Парыжы ліквідавана. Салідарныя выступленні ў гарадах Дыжон, Бардо, Нант і інш. таксама падаўлены войскамі. У краіне пачаўся тэрор, у выніку якога 11 тыс. чал. забіта, 25 тыс. чал. арыштавана, 3,5 тыс. чал. выслана без суда, насельніцтва раззброена. Разгром Ч.п. прадвызначыў паражэнне рэвалюцыі 1848 у Францыі.

Літ.:

Молок А.И. Июньские дни 1848 г. в Париже. М., 1948;

Герцен А.И. С того берега // Собр. соч. М., 1955. Т. 6;

Яго ж. Былое и думы. Ч. 5 // Там жа. М., 1956. Т. 10.

т. 17, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)